«Не веру нават у „моўную гармонію“ 50 на 50. Ні цяпер, ні ў бліжэйшыя гадоў дзесяць». Меркаванне
1 сентября 2025 в 1756740600 Ліза Ветрава«Зеркало»
Згодна з данымі перапісу 2019 года, беларускую мову лічаць роднай амаль 5,1 млн чалавек (гэта 53% насельніцтва). Пры гэтым размаўляюць на ёй дома і ў паўсядзённым жыцці толькі каля 2,5 мільёна беларусаў (26%). Ці магчыма дабіцца роўнасці дзвюх моў? Пра гэта ў калонцы для «Люстэрка» разважае Ліза Ветрава.
Ліза Ветрава
Медыяэкспертка, блогерка
Кіраўніца аддзела камунікацый у грамадскай арганізацыі «Годна». Ужо пяць гадоў даследуе тэмы беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, моўных зрухаў і сацыяльных змен. Жыве ў эміграцыі з 2022 года.
Максім Гарэцкі пісаў, што ў беларусаў дзве душы. Я б да гэтага дадала: і адна стапрацэнтная падстава для сваркі - мова. Калі хочаш пасварыць беларусаў, запытайся пра мову. Для кагосьці беларуская - боль і любоў, для іншых - анекдот з савецкай перадачы.
Я расла ў трасянкамоўным асяроддзі. Школа была беларускамоўная, але тэлевізар - рускамоўны. У ліцэі ў Мінску пачаліся першыя жартачкі з майго вымаўлення слова «фэрум» - маўляў, «ферум» трэба. Сяброўкі затыкалі рот у грамадскіх месцах: «Мы ж у горадзе, а ты як з вёскі размаўляеш». А я і была з вёскі і не здавалася: кожны чацвер у нашым інтэрнацкім пакоі быў не толькі рыбны, але і беларускамоўны дзень.
Аднак з часам прыйшло разуменне: няма дзе вучыцца па-беларуску. Няма вышэйшай адукацыі, кніг, прафесійных асяродкаў, дзе беларуская была б натуральнай і зручнай. І гэта была мая асабістая трагедыя. Беларуская мова для мяне заўсёды была не школьным прадметам, а часткай маёй ідэнтычнасці. Але сістэма зрабіла ўсё, каб яна стала выключэннем, а не нормай.
Цяпер я дарослая і ў эміграцыі, мовай маёй паўсядзённасці застаецца беларуская. Але ці магчыма такое ж адчуванне ў Беларусі?
«Мяркую, шмат каго расчарую, але нават у такую "моўную гармонію" ў Беларусі я не веру. Ні цяпер, ні ў бліжэйшыя гадоў дзесяць»
Ці магчыма зрабіць так, каб у Беларусі ў моўным пытанні працэнты падзяліліся прынамсі 50 на 50? Каб хаця б палова беларусак і беларусаў у краіне Беларусь карысталіся беларускай мовай - я назаву гэта «моўная гармонія», калі мы ў 50% выпадкаў размаўляем на сваёй мове. І тут, мяркую, шмат каго расчарую, але нават у такую «моўную гармонію» ў Беларусі я не веру. Ні цяпер, ні ў бліжэйшыя гадоў дзесяць.
І прычына тут не толькі ў рэжыме. Нават калі заўтра зменіцца ўлада, мы не прачнёмся ў краіне, дзе ўсе размаўляюць па-беларуску. Не таму, што людзі дрэнныя. А таму, што руская мова - гэта інфраструктура. Гэта мова дзяржаўных паслуг, юрыдычнай дакументацыі, аптэк, лекараў, падручнікаў і, што самае важнае, штодзённага жыцця людзей.
Я лічу, што з 2020 года беларуская мова перажыла адраджэнне. Яна стала сінонімам супраціву, гонару, еднасці. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе мова стала спосабам паказаць, што беларусы не расіяне. У 2024-м, па маіх уласных назіраннях, цікавасць да нацыянальнага пачала згасаць. Людзі стаміліся. І зноў вяртаюцца да спажывання рускамоўнага кантэнту, да канцэртаў расійскіх артыстаў, бо «іншых няма». У Беларусі табе не прапануюць інакш - расійская ідзе па змоўчванні. Яна - як вада з-пад крана: зручная, даступная, усюды.
Па адчуваннях, беларускамоўных беларусаў стала больш. Але ўсё яшчэ:
толькі 12,5% кніг, выдадзеных у Беларусі ў 2024 годзе, былі па-беларуску;
вышэйшую адукацыю па-беларуску атрымаць немагчыма.
А цяпер дадаю тое, пра што мала хто гаворыць: нават людзі, адкрытыя да беларускай, на 70% працягваюць спажываць расійскую культуру. І не таму, што яны дрэнныя. А таму, што няма выбару. У Беларусі няма беларускамоўнага Netflix. Няма інфлюенсераў-мільённікаў, якія гавораць з табой па-беларуску. У краіне, дзе піраміда Маслоў у многіх не закрытая на першым ярусе - есці б нешта, выжыць бы, - разважанні пра моўную роўнасць выглядаюць прывілеем.
«Нават калі палітычная сітуацыя зменіцца, мы сутыкнёмся з супрацівам. Бо грамадства выхавана ў расійскім наратыве»
Магчыма, трэба перастаць трымацца за ідэю «раўнавагі». Бо калі ты ў нулявой кропцы, а хтосьці - у дзевяностай, то раўнавага - гэта не 50 на 50. Імкнуцца да яе цяпер - гэта ўсё адно што спрабаваць зладзіць фігурнае катанне на танку. Беларуская мова сёння не канкурыруе з рускай. Яна спрабуе выжыць побач з ёй. У краіне, дзе людзі, якія хочуць гаварыць роднай мовай, мусяць апраўдвацца.
Пакуль беларуская не стане зручнай, яна не будзе выбарам большасці. І пакуль яна не дае рэальных магчымасцей - кар'ерных, акадэмічных, медыйных, - яна не стане будучыняй. Ніякія ўказы зверху не дапамогуць, калі няма інстытуцый, грошай, платформаў. Калі няма жыцця ў мове.
Нават калі палітычная сітуацыя зменіцца, мы сутыкнёмся з супрацівам. Бо грамадства выхавана ў расійскім наратыве. Праз культуру, адукацыю, гісторыю. І калі новая ўлада будзе дзейнічаць метадамі забарон - вынік будзе адваротны. Нам не патрэбная прымусовая беларусізацыя, нам трэба ўкладанне ў прывабнасць. Каб мова не была гераічнай ахвярай, а стала надзейнай партнёркай, якую хочацца браць з сабой у жыццё.
Як я бачу магчымыя механізмы такой беларусізацыі? Трэба даваць людзям выбар, робячы беларускую мову больш выгоднай. Напрыклад, зрабіць падатковыя зніжкі прыватным бізнесам, якія вядуць дакументацыю і публічную камунікацыю па-беларуску. Знізіць балы па іспытах для тых, хто абірае беларускамоўную сярэднюю і вышэйшую адукацыю, - гэта спакусіць бацькоў аддаваць дзяцей і ў беларускамоўныя школы. Рабіць ільготы івэнтам і фэстам у Беларусі, калі яны адбываюцца па-беларуску. Рабіць зніжкі рэкламным агенцтвам за рэкламу на роднай мове. Спачатку гэта будзе выгодна, а праз некалькі гадоў мы звыкнем, і беларуская паступова пяройдзе ў норму. Чым больш людзей карыстаецца беларускай, тым прасцей нам будзе патлумачыць таму ж Netflix, навошта нам беларуская агучка. І гэта толькі дробныя прыклады, з якіх можа складацца спроба да прынамсі раўнавагі.
А ці магчыма перавага беларускай мовы над рускай у Беларусі? Пры ўмове, калі Расія рэзка знікне з Зямлі, то верагодна. У астатніх выпадках нават у моўную раўнавагу ў бліжэйшы час у Беларусі я не веру. Аднак гэта не значыць, што немагчыма. І таму я працягну размаўляць па-беларуску, бо зараз гэта не пытанне пра гармонію. Гэта - пра шанец на будучыню.
З гэтай нагоды пішу гэтыя тэксты для «Люстэрка», бо хачу, каб вы часам глядзелі на свет праз беларускія словы. Бо калі ўжо і губляць нешта - то не мову. Максім Гарэцкі пісаў, што ў беларусаў дзве душы. Я б да гэтага дадала: і адна стапрацэнтная падстава верыць у незалежную будучыню сваёй краіны - беларуская мова.
Меркаванне аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.