Варшава. Аддалены ад цэнтра раён горада. За дзесяць хвілін пешшу ад станцыі метро сярод прыватнага сектара стаіць нічым не выбітны трохпавярховы дом. Гэты астравок свабоднай Беларусі ў польскай сталіцы выдае толькі выцвілы ад сонца бел-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй» на балконе. Гэта шэлтар — часовы дом для былых палітвязняў, якім давялося ўцякаць з краіны. Мы пабывалі ў гэтым унікальным доме і пагаварылі з яго жыхарамі, сярод якіх аказаўся нават былы прадзюсар АНТ.

«У мяне было ўсё. А потым да нас прыехаў Ціханоўскі»
Слова «шэлтар» (ад англійскага shelter — прытулак) трывала ўвайшло ў лексікон беларусаў пасля 2020 года. Так называюць часовыя дамы, дзе могуць знайсці дах над галавой, падтрымку і базавую дапамогу тыя, хто быў вымушаны тэрмінова ўцякаць ад рэпрэсій. У Варшаве такі дом адзін, і яго існаванне — цалкам заслуга гаспадыні, Ганны Федаронак. Жанчына са стомленай, але добрай усмешкай сустракае нас на парозе.
У маладосці Ганна марыла стаць рэжысёркай, паступіла ў Інстытут культуры, але не скончыла. Цяпер яна з усмешкай кажа, што даўняя мара ўсё ж рэалізуецца — яна завяла YouTube-канал «Лукашолкі», дзе публікуе пацешныя скетчы пра беларускую рэчаіснасць. Але галоўная яе рэжысура сёння — гэта кіраванне складаным арганізмам шэлтара.
— Да 2020 года я была далёкая ад усяго гэтага, — пачынае свой аповед Ганна. — Я з Варапаева, гэта Пастаўскі раён. У мяне было ўсё: дом, сям’я, унукі, муж-дальнабойшчык, які добра зарабляў. Я 14 гадоў адпрацавала індывідуальнай прадпрымальніцай, займалася гандлем. Магла наогул не працаваць, але я такі чалавек, мне трэба нешта рабіць. А потым да нас у Варапаева прыехаў Сяргей Ціханоўскі. Я ўбачыла, колькі людзей прыйшло, як яны яго падтрымлівалі. І таксама ўключылася ў гэты рух: збірала подпісы за Святлану, стала назіральніцай. Я на свае вочы бачыла, як на нашым участку перамагла Ціханоўская, а потым у пратаколе напісалі 83% за Лукашэнку. Тады я зразумела, што так нельга, што трэба змагацца.

Гісторыя Ганны падобная да гісторый тысяч беларусаў. Пасля выбараў яна ўдзельнічала ў пратэстах, яе некалькі разоў затрымлівалі, потым дапамагала выплачваць штрафы, і ў выніку да яе прыйшлі з ператрусам. У пачатку 2021 года яна была вымушаная з’ехаць з Беларусі. Спачатку — ва Украіну, потым — у Польшчу.
— Калі пачалася вайна, мы з партнёркамі вырашылі адкрыць гэты дом для дапамогі ўцекачам з Украіны. Нам тады вельмі дапамог адзін італьянскі фонд, яны далі фінансаванне. А потым я бачу, што і нашым беларусам дапамога патрэбная не менш. Едуць былыя палітвязні, тыя, хто бяжыць ад «крыміналкі». Ім жа таксама дзесьці трэба жыць. Так мы паступова перапрафіляваліся. Спачатку дапамагалі італьянцы, потым BY_Help. А нядаўна здарылася непрыемная сітуацыя, і мы засталіся без фінансавання, з даўгамі. Я ўжо думала, што ўсё, давядзецца закрывацца.
Ганна тактоўна змаўкае. Непрыемная сітуацыя — гэта калі шэлтар ледзь не спыніў сваё існаванне. У пачатку лета ініцыятыва BY_Help выйшла з Міжнароднага гуманітарнага фонду (МГФ) — аб’яднання, якое з’яўляецца фінансавым інструментам для забяспечання своечасовай і адраснай гуманітарнай дапамогі мэтавым групам з дапамогай арганізацый-партнёраў. Варшаўскі шэлтар застаўся з даўгамі за арэнду і камунальныя паслугі.
— Неўзабаве пасля выхаду BY_Help са складу МГФ праца некаторых шэлтэраў аказалася ў падвешаным стане, напрыклад, шэлтар у Вільнюсе нам давялося ўзяць пад поўнае забяспечанне з чэрвеня 2025-га. Калі мы даведаліся пра сітуацыю ў шэлтары Ганны, то звярнуліся да яе і прапанавалі дапамогу ў наладжванні партнёрства з Міжнародным гуманітарным фондам, — тлумачыць праектны дырэктар фонду «Краіна для жыцця» Вячаслаў Жукаў. — Мы дапамаглі распрацаваць праект, падрыхтаваць дакументы, і цяпер шэлтар будзе атрымліваць фінансаванне наўпрост ад МГФ. Мы ж будзем аказваць ментарскую і інфармацыйную падтрымку. Для нас гэта важна, бо за пяць гадоў працы мы бачым, што такая дапамога — адна з самых запатрабаваных.
«Люстэрка» звярнулася па каментар да кіраўніка BY_Help Аляксея Лявончыка. Паводле яго, станам на канец верасня 2025 года даўгоў у шэлтара не было. Была невялікая пазычанасць за камунальныя паслугі, але яе абяцаюць урэгуляваць пасля афіцыйнага пацверджання пра перанос кантракта на іншага платніка.
Поўны каментар Аляксея Лявончыка
— Для пачатку хачу адзначыць, што шэлтар у Варшаве ніколі не фінансаваўся са сродкаў МГФ, і, адпаведна, выхад BY_Help з фонду на яго ніяк не мог паўплываць. Фінансаванне заўсёды забяспечвалася з уласных праграм фонду BY_Help. Мы пакінулі МГФ каля трох месяцаў таму, але ўвесь гэты час працягвалі аплачваць працу шэлтара. Таму казаць пра тое, што выхад з МГФ падвесіў шэлтар, супярэчыць рэальнасці.
Далей, што да даўгоў. У шэлтара няма пазычанасці па арэндзе. Адзінае неўрэгуляванае пытанне — рахунак за камунальныя паслугі. Ён будзе аплачаны, як толькі мы атрымаем пацверджанне, што шэлтар афіцыйна перададзены новаму платніку і той узяў за яго абавязанні. BY_Help аплаціў працу шэлтара ўключна да верасня, з 1 кастрычніка нашыя абавязанні адносна яго спыненыя.
Што да разрыву супрацоўніцтва з 1 кастрычніка, то гэта была выключна ініцыятыва Ганны Федаронак. На нашай сустрэчы 29 верасня я сказаў ёй, што пакуль не ведаю, з якіх крыніц мы будзем аплачваць арэнду ў кастрычніку. Гэта была праўда — мы вельмі часта не ведаем гэтага загадзя, бо фінансаванне шэлтара адбываецца з дадатковых крыніц, і так было ўжо доўгі час. Пра тое, адкуль мы можам кампенсаваць тыя ці іншыя выдаткі, мы даведваемся толькі ў пачатку месяца па выніках нашых месячных збораў. На наступны дзень Ганна сама прыняла рашэнне спыніць супрацоўніцтва з намі і перавесці шэлтар на фінансаванне з МГФ праз пасярэдніцтва іншай польскай арганізацыі.
BY_Help фінансаваў гэты шэлтар два гады з агульным коштам у больш чым 100 тысяч еўра. Мы ўзялі яго пад сваю апеку, калі ён быў на мяжы закрыцця пасля сыходу папярэдняга донара. На той момант у Ганны не было іншых крыніц сродкаў. BY_Help падхапіў праект, і таму ён працягнуў сваю працу да сённяшняга дня.
Я лічу гэтую ініцыятыву выключна карыснай для беларусаў Польшчы. І таму рашэнне дапамагаць у 2023 годзе было натуральным. Я рады, што дзякуючы гэтаму шэлтар праіснаваў яшчэ два гады.
Мы заўсёды імкнуліся да таго, каб нашыя партнёрскія ініцыятывы не залежалі ад нас як ад адной з найбуйнейшых ініцыятываў, і былі самастойныя ў сваім фінансаванні. Надзея на адну арганізацыю — заўсёды кепская ідэя. Таму я рады, што Ганна вырашыла далей ісці самастойна. Калі ў будучыні шэлтару спатрэбіцца падтрымка, мы заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва.
Для фонду «Краіна для жыцця» гэта свайго роду юбілейны праект. Сёлета арганізацыі спаўняецца пяць гадоў. Паводле Вячаслава, за гэты час фонд аказаў дапамогу палітвязням і іх сем’ям на суму больш чым паўмільёна еўра.
— Мы пачыналі яшчэ ў 2020 годзе з дапамогі валанцёрам і актывістам, якіх затрымлівалі на маршах пратэстаў пасля абвяшчэння вынікаў выбараў, — расказвае Жукаў. — Ужо праз некалькі месяцаў стала зразумела, што асноўная дапамога патрэбная палітвязням і іх сем’ям. Мы дапамагаем прадуктовымі закупкамі, аплатай камунальных паслуг, зборамі дзяцей у школу, купляй лекаў. За гэтыя гады праз нашыя праграмы прайшло больш за тысячу сем’яў, і гэта не лічачы разавай дапамогі. Нашая назва — гэта даніна павагі Сяргею Ціханоўскаму і адсылка да яго YouTube-канала. Але важна разумець, што сам Сяргей і яго каманда не маюць дачынення да аперацыйнай дзейнасці фонду. Мы незалежная дабрачынная арганізацыя.
«Галоўнае — даць гэты першы штуршок»

Галоўная памочніца Ганны Федаронак у кіраванні шэлтарам — актывістка Алеся Буневіч, былая палітзняволеная. У 2022 годзе яна трапіла ў беларускую калонію, калі паехала на радзіму па асабістых справах. Алесю асудзілі на 3,5 гады зняволення. Але яе адпусцілі праз 2,5 — дапамагла амністыя. Пасля вызвалення Алеся вярнулася да сям'і ў Літву, але зразумела, што яе месца — у Польшчы.
— У Вільнюсе добра, але так склалася, што ўсе мае сябры, уся мая супольнасць — тут, у Варшаве. А пасля сямейнай бязладзіцы мне трэба было знайсці новае месца для жыцця, — тлумачыць Алеся. — Да таго ж я паступіла ва ўніверсітэт па праграме Каліноўскага. У Польшчы і для мяне, і для сына больш перспектываў у плане адукацыі. Я звярнулася да Ганны і так апынулася тут. Цяпер дапамагаю ёй: сустракаю людзей, тлумачу правілы, сачу за парадкам.
Ганна і Алеся праводзяць невялікую экскурсію па шэлтары. Тут тры паверхі з жылымі пакоямі, вялікай агульнай гасцёўняй і кухняй.
— У нас у пакоях жывуць па тры-чатыры чалавекі, — тлумачыць Ганна. — Гэта, вядома, не самыя камфортныя ўмовы, але людзі разумеюць, што гэта часовы прытулак, і ўдзячныя за гэта. Адзінае выключэнне — сем'і. Калі прыязджае сям’я з дзецьмі, то стараемся даць ім асобны пакой. Мы бачым, як людзі мяняюцца. Яны прыязджаюць разгубленыя, часта пасля турмы, не ведаюць, што рабіць. А тут яны трапляюць у сваё асяроддзе. Мы дапамагаем з першымі крокамі: тлумачым, як легалізавацца, куды звярнуцца па дапамогу. І праз месяц-два чалавек ужо знаходзіць працу, арандуе кватэру. Гэта самае галоўнае — даць ім гэты першы штуршок.
У доме чыста, абстаноўка сціплая — многае з мэблі і тэхнікі прынеслі неабыякавыя беларусы. Ганна падкрэслівае: шэлтар шмат у чым жыве дзякуючы салідарнасці беларусаў.
— Усё, што тут ёсць, — гэта ж усе нашыя людзі прывезлі. Пральныя машыны, лядоўні, посуд, мэбля, бытавая хімія — усім гэтым дапамагаюць звычайныя беларусы. Нехта прывязе парашок, нехта — прадукты. Вось крэслы, канапа, плазма — усё прынеслі нашыя. І гэта неймаверна кранае, дае сілы працаваць далей. Ты разумееш, што робіш важную справу, — кажа яна.

За ўвесь час існавання праз дзверы дома прайшлі, паводле падлікаў Ганны, ад 400 да 500 чалавек. Пастаянна тут жыве 25 беларусаў, але склад жыхароў увесь час мяняецца: хтосьці знаходзіць працу і з’язджае, а на яго месца засяляецца новы чалавек, якому патрэбная дапамога на старце. Высокую «цякучку» жыхароў тут лічаць добрым знакам — значыць, шэлтар выконвае сваю функцыю «перавалачнай базы».
— У нас вялікая ратацыя, і гэта добра, — кажа Алеся. — Гэта значыць, што людзі не заседжваюцца, што шэлтар дапамагае ім хутка адаптавацца. Чалавек прыехаў, атрымаў першую дапамогу, выдыхнуў, знайшоў працу, арандаваў жыллё і пайшоў далей у самастойнае жыццё. А яго месца займае наступны, каму патрэбная дапамога.
Паводле Ганны, утрыманне шэлтара абыходзіцца ў 4000 еўра на месяц. Большую частку выдаткаў складае арэнда дома — 12 тысяч злотых (2850 еўра), астатняе — гэта камунальныя плацяжы, электрычнасць і газ.
«Вечарамі тут такія дэбаты — ад японскай паэзіі да ўладкавання рухавіка»

У кожнага жыхара шэлтара свая гісторыя, свой шлях, які прывёў яго пад гэты дах. Усмешлівы мужчына, які гатуе сабе абед на агульнай кухні, — Антон Бяляеў. Да затрымання ён быў радыёвядоўцам і прадзюсарам у дзяржхолдынгу АНТ.
— Я працаваў праграмным дырэктарам на радыё «Цэнтр FM», якое ўваходзіць у холдынг АНТ, — расказвае Антон. — Вядома, я спрабаваў ад гэтай усёй прапаганды адпачкавацца, але ў 2020-м зразумеў, што генеральная лінія партыі пайшла ўразрэз з маімі перакананнямі. А праз два гады пасля выбараў прыйшлі і па мяне. Гэта было 14 лютага 2023-га, у дзень усіх закаханых. Я акурат збіраўся жонку ў рэстаран весці, а замест гэтага — Акрэсціна, Жодзіна, Валадарка. Па крымінальным артыкуле далі тры гады «хатняй хіміі». Я зразумеў, што спакойнага жыцця ўжо не будзе, і вырашыў з’язджаць. У ліпені перабег мяжу і праз асацыяцыю палітвязняў «Да Волі» трапіў у шэлтар.
Смеючыся, Антон дадае, што ў прытулку выдатны калектыў.
— Усе крымінальнікі, але вельмі адукаваныя. Тут і ўладальнік фірмы, і інжынер, і праграміст, і вось былы прадзюсар АНТ. З усімі ёсць пра што пагаварыць. Вечарамі ў нас тут такія дэбаты ідуць — ад японскай паэзіі да ўладкавання рухавіка ўнутранага згарання. Гэта месца, дзе ты разумееш, што не адзін, дзе табе могуць дапамагчы і парадай, і справай. Што вельмі каштоўна, калі ты пачынаеш жыццё з нуля ў новай краіне. Таму грэх скардзіцца, тут вельмі добра, — кажа ён.
Іншы жыхар шэлтара, айцішнік з Брэста Андрэй Салапура, таксама адзначае падтрымку ў шэлтары.

— Мая гісторыя даволі тыповая, — кажа Андрэй. — У 2020-м я выходзіў на мірныя пратэсты, а прыйшлі па мяне толькі ў лютым 2024-га. Далі паўтара года калоніі. Адседзеў ад званка да званка, выйшаў, зрабіў гуманітарную візу і з’ехаў. За два месяцы тут я паспеў вырашыць усе юрыдычныя пытанні і ўжо нават знайшоў жыллё. Для мяне гэта было вельмі важна, бо ты не проста атрымліваеш дах над галавой, але і знаходзішся сярод сваіх. Ва ўсіх плюс-мінус такая ж сітуацыя, усе праходзяць праз адны і тыя ж юрыдычныя моманты. Табе заўсёды падкажуць, дапамогуць. Гэта вельмі падтрымлівае псіхалагічна, ты разумееш, што не адзін са сваімі праблемамі.
У суседнім пакоі жыве малады хлопец. Гэта Алег Дабрыднеў. У свае 19 ён ужо паспеў адседзець па «палітычным» артыкуле. Хлопца затрымалі ў 16 гадоў па справе «экстрэмісцкага фармавання» — закрытага чата з назвай «Саюз Беларускага Нацыянальнага Шчыта».

— Далі 3,5 года. Я быў на дзіцячай калоніі, на дарослай, — кажа Алег. — Вызваліўся і адразу эвакуяваўся з дапамогай BYSOL. Яны ж і падказалі гэты шэлтар. Тут нядрэнна. Дапамагаюць з дакументамі, з афармленнем, тлумачаць, куды ісці, што рабіць. Далі часовае жыллё, і гэта вельмі важна. Я планую паступаць ва ўніверсітэт па праграме Каліноўскага, так што такая падтрымка на старце проста неацэнная. Я тут усяго пару дзён, але ўжо адчуваю сябе спакайней.
«У нас ужо столькі ідэй на будучыню!»
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Ганна і Алеся плануюць не толькі захаваць шэлтар, але і пашырацца.
— У нас ужо ёсць дамоўленасць пра другі дом, але не хочацца пакуль раскрываць падрабязнасці, каб не сурочыць, — дзеліцца планамі Ганна. — Мы разумеем, наколькі вялікая патрэба ў такой дапамозе. Людзі працягваюць ехаць. І ім усім трэба месца, дзе яны могуць адчуць сябе ў бяспецы, сярод сваіх. Калі я толькі прыехала ў Польшчу, мне было так цяжка. А цяпер я ўжо не ўяўляю, як можна жыць не ў Варшаве. І я хачу, каб іншыя беларусы таксама маглі знайсці тут свой дом.

Цяпер галоўная мэта Ганны і Алесі — зарэгістраваць уласную арганізацыю, каб здабыць поўную самастойнасць і мець магчымасць дапамагаць яшчэ большай колькасці людзей.
— Калі ў нас будзе свая юрыдычная асоба, мы станем цалкам незалежныя. Марым не проста даваць дах над галавой, а ствараць сапраўднае кам’юніці, — эмацыйна кажа Ганна. — Мы хочам ладзіць тут святы, як мы раней рабілі, — і Дзень дзяцінства 1 чэрвеня, і Новы год з елкай. Праводзіць нейкія сустрэчы, мерапрыемствы. Каб гэта быў сапраўдны дом, астравок нашай Беларусі тут, у Варшаве. У нас столькі ідэй, столькі крэатыву! Нам галоўнае цяпер стаць на ногі, каб дапамагаць іншым.
Вячаслаў Жукаў пацвярджае, што фонд «Краіна для жыцця» і Міжнародны гуманітарны фонд працягнуць падтрымліваць гэтую ініцыятыву.
— Нашая галоўная місія за гэтыя пяць гадоў не змянілася: мы дапамагаем тым, хто пацярпеў за свае перакананні. І мы будзем рабіць гэта далей, — кажа ён. — За ўсе пяць гадоў мы не толькі аказвалі прамую фінансавую дапамогу, але і адправілі больш за 300 дзяцей палітвязняў на рэабілітацыю і адпачынак у летнія лагеры ў розныя краіны Еўропы, падтрымалі дзясяткі культурных і адукацыйных праектаў. Шэлтар у Варшаве — гэта яшчэ адзін важны элемент у гэтай сістэме салідарнасці. Галоўнае, што мы можам даць людзям, — адчуванне, што яны не адны.
Чытайце таксама