Турцыя — самы папулярны замежны кірунак у беларускіх турыстаў. Аляксандр заўсёды любіў гэтую краіну. Аднак нядаўняя паездка пайшла абсалютна не па плане: мужчына апынуўся за кратамі, а потым яго выслалі на радзіму. Сябар беларуса Ягор расказаў «Люстэрку» гісторыю сапсаванага адпачынку, каб папярэдзіць, што можа здарыцца ў гэтай краіне са звычайным турыстам.
Імёны ўсіх герояў змененыя дзеля іх бяспекі.
«Давайце, выклікайце паліцыю»
Паводле Ягора, Аляксандр ездзіў у Турцыю гэтай вясной. У Антальі ён зайшоў у сеткавую краму Decathlon. Тавары гэтай жа маркі ляжалі ў заплечніку, яшчэ сёе-тое было на ім.
— У Сашы ўсё было з гэтай крамы, — расказвае сябар мужчыны. — Ён часта рабіў пакупкі ў гэтай сетцы ў розных краінах. Сачыў за акцыямі, сезоннымі зніжкамі і гэтак далей. Рэчы ж усюды аднолькавыя.
На выхадзе беларуса папрасілі паказаць заплечнік. Убачыўшы, што ўнутры тавары той жа маркі, ахоўнікі абвінавацілі яго ў крадзяжы і пачалі пагражаць паліцыяй. Тады мужчына прапанаваў паглядзець запісы камер відэаназірання, аднак гэтага ніхто не зрабіў.
— Саша казаў: «Давайце, выклікайце паліцыю». Спадзяваўся, што тая прыедзе, паглядзіць камеры, і яго адпусцяць. Чаго баяцца? Я вось таксама чуў, што паліцыя ў Турцыі адэкватная, — расказвае Ягор.
Аднак прыбылыя супрацоўнікі не ведалі англійскай і не зразумелі, што кажа беларус. У выніку мужчыну забралі і «аформілі ў турму». На наступны дзень у судзе прайшло паседжанне, дзе вырашалі, трэба пакінуць яго за кратамі да суда або можна абмежавацца падпіскай пра нявыезд.
— З доказаў у справе была фатаграфія, што ён заходзіў у краму, і паказанні паліцыі пра інцыдэнт, — кажа суразмоўца. — У яго пастаяннага адрасу [у Турцыі] няма, і адпускаць не было куды. Таму яго адправілі ў турму.
«Ён сядзеў у турме проста так»
Спачатку Аляксандр не разумеў ні за што трапіў за краты, ні як доўга трэба там прабыць. Праз пару дзён яму прыйшло рашэнне пра дэпартацыю — хоць паседжання суда яшчэ не было. Неўзабаве прызначылі і дату. Мужчына прабыў у зняволенні некалькі тыдняў да таго, як яго справу разгледзелі.
Як беларус пазней расказаў прыяцелю, турма складалася з мноства закрытых блокаў, якія нагадвалі двухпавярховыя дамы. У кожным была «гасцёўня», кухня, санвузел і па сем спальных пакояў. У цэнтры — унутраны дворык, адкрыты ў дзённы час.
Аляксандр адзначае, што кармілі там добра: давалі турэцкія стравы — супы, рыс, мяса, рыбу, гародніну, садавіну і дэсерты. Прыносілі чаны з ежай, і людзі самі яе дзялілі. Усе асабістыя рэчы забіралі, карыстацца тэлефонам можна было з абмежаваннем па часе. З забаваў — шахматы, ТБ і футбол раз на тыдзень, а вось азартныя гульні — пад забаронай.
Аляксандр пасля скардзіўся Ягору, што яго блок быў перапоўнены, у ім пастаянна знаходзілася больш за 70 чалавек. Частка з іх спала на ложках у спальнях, астатнія 20−30 — на падлозе ў «гасцёўні». Канфлікты здараліся пастаянна.
— Ён казаў, што людзі сядзелі доўга, ім было сумна, — апісвае суразмоўца. — Але боек амаль не было. Там з гэтым строга, усюды камеры: пабіўся — і, лічы, тэрмін павялічыў. Ніякага галоўнага не было. Дэмакратыя. У прынцыпе, мірныя ўсе. Звычайныя людзі.
Паводле назіранняў Аляксандра, большасць аднакамернікаў трапілі за краты за наркотыкі. Кагосьці затрымлівалі падчас перавозкі забароненых рэчываў у багажы або «ў сабе».
На момант суда ў беларуса ўжо быў адвакат. Той прапанаваў пайсці на хітрасць і ва ўсім прызнацца, каб хутчэй выйсці на волю.
— Сутнасць такая, што да суда яны (турэцкія сілавікі. — Заўв. рэд.) нават і не шукалі ніякіх доказаў. Адвакат сказаў, што Сашу трэба прызнацца ў крадзяжы, інакш суд перанясуць і будуць разбірацца. А так праз тое, што скаргі няма, крадзяжу няма, шкоды няма — яго проста адпусцяць, — апісвае суразмоўца.
Так і аказалася. Запісаў з камер крамы на судзе не глядзелі. Пракурор прапанаваў адпусціць мужчыну, і суддзя абвясціў, што той вольны.
— То-бок ён сядзеў у турме проста так, — рэзюмуе Ягор.
Аднак вызвалення не было. Аляксандра адвезлі назад у турму, а потым адразу адправілі ў міграцыйны цэнтр для тых, каго чакае дэпартацыя.
«З'ехаць нафіг з гэтай краіны і ніколі не вяртацца»
У міграцыйным цэнтры Аляксандр прабыў некалькі дзён. У размове з сябрам ужо потым адзначаў, што гэтае месца моцна адрознівалася ад звычайнай турмы. Таксама дзейнічала блокавая сістэма, у кожным блоку знаходзілася прыкладна па 200 чалавек. Асаблівых правілаў не было, дазволена свабодна хадзіць па сваім блоку.
— Была крама, якая працавала пару гадзін на дзень, і тэлефонныя аўтаматы — тэлефанаваць можна было да адбою. Адбой у дзесяць, усіх закрываюць. Ля тэлефона заўсёды чарга, — успамінае Ягор ўражанні аднаго.
А вось кармілі горш, чым у звычайнай турме: ежу пакавалі порцыямі, якія нельга было назваць сытнымі.
Як зразумеў Ягор з аповедаў Аляксандра, некаторыя жылі ў гэтым цэнтры падоўгу — не хацелі пакідаць Турцыю і чакалі тэрміну, неабходнага для легалізацыі. Паводле сябра Ягора, былі і выпадкі дэпартацыі «ні за што».
— Хлопец ляцеў праз Турцыю транзітам. Зламаная нага, у білеце [сказана, што яму патрэбны інвалідны] вазок. На транзіце не далі яго. Карацей, на яго пачала крычаць супрацоўніца, у выніку ён таксама. Пяць дзён у дэпартацыйнай турме і дэпартацыя, — прыводзіць прыклад суразмоўца. — Яшчэ выпадак: мужчына і яго мама ляцелі транзітам. Перарэгістраваць трэба было багаж. Пасля пашпартнага кантролю забралі абаіх. Аказваецца, ён пяць гадоў таму не аплаціў штраф у Турцыі. Суд адразу і дэпартацыя. Прычым і яго, і маму. Пры чым тут мама?
Паводле Ягора, спачатку сябру абяцалі аплаціць білет назад. Але пасля настаялі, каб ён заплаціў сам. Калі прыйшоў час пакідаць краіну, у беларуса ў аэрапорце некалькі разоў праверылі рэчы.
— Саша скардзіўся на «шмон», — успамінае суразмоўца. — Супрацоўнікі выкідалі наогул усё, што ім не падабалася. Тыпу «вы дэпартаваны пасажыр, а значыць, гэта і гэта нельга». І не хвалюе. Выкінулі яго дарагі кемпінгавы намёт і тытанавы кубак.
Супрацоўнік мясцовых спецслужбаў суправадзіў беларуса да пасадачнага «рукава» самалёта. А далей ён быў ужо вольны.
Ягор кажа, што сябру можна было выбраць любы кірунак. Аднак той не ведаў, ці будзе ў яго пашпарце адзнака пра дэпартацыю. А калі будзе — ці зможа ён з ёй заехаць у іншую краіну. Таму абраў Беларусь як найменш рызыкоўны варыянт. Дарэчы, штамп пра выезд яму ў выніку паставілі «самы звычайны».
Чаму замежніка наогул вырашылі дэпартаваць, калі суд яго адпусціў? Фармальна мужчыну прызналі «асобай, якая ўяўляе пагрозу з пункту гледжання грамадскага парадку, або грамадскай бяспекі, або грамадскага здароўя». Была магчымасць абскардзіць рашэнне, але ён не захацеў гэтым займацца.
— Ён казаў, што хацеў з’ехаць нафіг з гэтай краіны і ніколі не вяртацца, — тлумачыць Ягор і дадае, што на разгляд з гэтай справай у сябра пайшло каля дзвюх тысяч даляраў. У тым ліку на аплату паслуг адваката і білет назад.
Пры гэтым пісьмовай забароны на ўезд у Турцыю беларус так і не атрымаў. Ці рызыкне калі-небудзь зноў туды паехаць?
— Я думаю, не, — лічыць Ягор. — Ён казаў, што ў найбліжэйшыя гады, хутчэй за ўсё, не паедзе.
Чытайце таксама









